НАЦЫЯНАЛЬНЫ БАНК РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
Кантакт-цэнтр

+375 17 306-00-02

Плацежная сістэма Рэспублікі Беларусь

У апаведнасці з артыкуламі 25, 32 Банкаўскага кодэкса Рэспублікі Беларусь адной з асноўных мэт дзейнасці Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь (далей – Нацыянальны банк) з'яўляецца арганізацыя эфектыўнага, надзейнага і бяспечнага функцыянавання плацежнай сістэмы.

У межах дасягненняў гэтай мэты Нацыянальны банк ажыццяўляе кіраванне функцыянаваннем плацежнай сістэмы Рэспублікі Беларусь і нагляд за ёй пры дапамозе ўстанаўлення правілаў ажыццяўлення плацяжоў, тарыфнай палітыкі, кіравання ліквіднасцю, а таксама пры дапамозе збору, накаплення і аналізу паказчыкаў, характарызуючых стан плацежнай сістэмы Рэспублікі Беларусь.

Нацыянальны банк вызначае правілы, тэрміны і стандарты правядзення ў Рэспубліцы Беларусь разлікаў у безнаяўнай і наяўнай формах і адказнасць за іх парушэнне.

Нацыянальны банк вядзе ведамасны архіў дадзеных і дакументаў па міжбанкаўскіх разліках. Нацыянальны банк мае права выкарыстоўваць гэты архіў для статыстычнай і іншай апрацоўкі, а таксама для пацвярджэння аперацый, здзейсненых пры правядзенні міжбанкаўскіх разлікаў.

Міжбанкаўскія разлікі ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляюцца ў сістэме BISS, якая з'яўляецца асноўным функцыянальным кампанентам аўтаматызаванай сістэмы міжбанкаўскіх разлікаў Нацыянальнага банка (далей – АС МБР). BISS (Belarus Interbank Settlement System) – сістэма міжбанкаўскіх разлікаў, якая функцыянуе на валавой аснове, у якой у рэжыме рэальнага часу ажыццяўляюцца разлікі па тэрміновых і нетэрміновых грашовых пераводах, а таксама разлікі па выніках клірынгу ў сумежных сістэмах (разлікова-клірынгавая сістэма па каштоўных паперах і сістэмы разлікаў з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак). Абавязковай умовай для ажыццяўлення разлікаў праз сістэму BISS з'яўляецца ўстанаўленне карэспандэнцкіх адносін з Нацыянальным банкам шляхам заключэння дагавора і адкрыцця карэспандэнцкага рахунку ў Нацыянальным банку.

Тэхнічную рэалізацыю функцый Нацыянальнага банка па арганізацыі і правядзенні міжбанкаўскіх разлікаў праз сістэму BISS ажыццяўляе Разліковы цэнтр Нацыянальнага банка (далей – Разліковы цэнтр). Разліковы цэнтр мае права электроннага лічбавага подпісу электронных паведамленняў, створаных у выніку правядзення міжбанкаўскіх разлікаў, а таксама права дадатковага пасведчання электронным лічбавым подпісам выкананых электронных плацежных дакументаў.

Рэжым работы сістэмы BISS вызначаецца графікам прыёму і апрацоўкі сістэмай BISS электронных плацежных дакументаў і электронных паведамленняў (далей – графік сістэмы BISS). Графік сістэмы BISS вызначае час падрыхтоўкі да пачатку аперацыйнага дня, працягласць аперацыйнага дня і час закрыцця аперацыйнага дня сістэмы BISS. Працягласць аперацыйнага дня сістэмы BISS вызначана з 9.00 да 17.30. Пры гэтым аперацыйны час для прыёму электронных плацежных дакументаў і электронных паведамленняў – з 9.00 да 16.45, час для ўрэгулявання абавязацельстваў паміж банкамі і паміж банкамі і Нацыянальным банкам – з 16.45 да 17.30. У выхадныя і святочныя дні сістэма BISS не працуе.

Міжбанкаўскія разлікі ў сістэме BISS ажыццяўляюцца з улікам наступных прынцыпаў:

  • раздзяленне плацежнага патоку на электронныя плацежныя дакументы Нацыянальнага банка, тэрміновыя электронныя плацежныя дакументы і нетэрміновыя электронныя плацежныя дакументы банкаў;
  • правядзенне міжбанкаўскіх разлікаў па электронных плацежных дакументах Нацыянальнага банка з выкарыстаннем механізму апрацоўкі тэрміновых электронных плацежных дакументаў незалежна ад наяўнасці сродкаў на міжфіліяльным рахунку Нацыянальнага банка;
  • правядзенне міжбанкаўскіх разлікаў па тэрміновых электронных плацежных дакументах на валавой аснове ў межах грашовых сродкаў на карэспандэнцкіх рахунках банкаў;
  • правядзенне міжбанкаўскіх разлікаў па нетэрміновых электронных плацежных дакументах з выкарыстаннем механізму ўзаемазаліку з улікам сумы рэзерву, які ўстанаўліваецца банкамі для ажыццяўлення разлікаў па нетэрміновых электронных плацежных дакументах;
  • адлюстраванне сумы кожнага электроннага плацежнага дакумента па карэспандэнцкім (міжфіліяльным) рахунку банка (Нацыянальнага банка) адбываецца індывідуальна ў поўным памеры. Частковая аплата электронных плацежных дакументаў не дапускаецца.

Дасылка банкамі-адпраўшчыкамі ў банкі-атрымальнікі плацежных дакументаў на папяровым носьбіце не праводзіцца.

Банк-адпраўшчык на падставе аформленых у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь плацежных дакументаў ад свайго імя фарміруе электронныя плацежныя дакументы і перадае іх у сістэму BISS. Перадача электронных плацежных дакументаў у сістэму BISS праводзіцца банкамі і Нацыянальным банкам раўнамерна ў адпаведнасці з графікам сістэмы BISS непасрэдна пасля спісання грашовых сродкаў з рахункаў кліентаў або з рахункаў па ўліку ўласных плацяжоў. У электронных плацежных дакументах, якія фарміруюцца для перадачы ў сістэму BISS, банкамі-адпраўшчыкамі пазначаецца статус: "Тэрміновы" або "Нетэрміновы".

Пры адсутнасці (недастатковасці) грашовых сродкаў на карэспандэнцкім рахунку банка-адпраўшчыка тэрміновыя электронныя плацежныя дакументы змяшчаюцца ў чаргу чакання сродкаў. Чарга чакання сродкаў па тэрміновых электронных плацежных дакументах фарміруецца ў залежнасці ад часу іх паступлення і з улікам прыярытэтаў.

Пры адсутнасці сустрэчных электронных плацежных дакументаў і (ці) недастатковасці сумы рэзерву нетэрміновыя электронныя плацежныя дакументы змяшчаюцца ў чаргу чакання сродкаў для апрацоўкі ў наступным сеансе ўзаемазаліку. Апрацоўка нетэрміновых электронных плацежных дакументаў з чаргі чакання сродкаў ажыццяўляецца незалежна ад часу іх паступлення.

Банк-адпраўшчык можа адазваць электронны плацежны дакумент з чаргі чакання сродкаў па тэрміновых і нетэрміновых электронных плацежных дакументах шляхам перадачы ў сістэму BISS электроннага паведамлення.

У сістэме BISS дапускаецца перавод нетэрміновых (тэрміновых) электронных плацежных дакументаў у тэрміновыя (нетэрміновыя) пры дапамозе накіравання банкам-адпраўшчыкам у сістэму BISS адпаведных электронных паведамленняў на прысваенне ім прыярытэту.

Міжбанкаўскі разлік у сістэме BISS з'яўляецца канчатковым і не анулюецца пасля змянення стану карэспандэнцкіх (міжфіліяльнага) рахункаў банкаў (Нацыянальнага банка).

Часам канчатковасці разліку ў сістэме BISS з'яўляецца час змянення стану карэспандэнцкага (міжфіліяльнага) рахунку банка (Нацыянальнага банка), пазначаны ў выпісцы з карэспандэнцкага (міжфіліяльнага) рахунку.

Банкі-атрымальнікі на падставе электронных плацежных дакументаў банкаў-адпраўшчыкаў, дадаткова засведчаных электронным лічбавым подпісам Разліковага цэнтра, адлюстроўваюць аперацыі па карэспандэнцкім рахунку банка і субкарэспандэнцкіх рахунках філіялаў (аддзяленняў) банка, залічваюць грашовыя сродкі на рахункі кліентаў або на рахункі па ўліку ўласных сродкаў банка-атрымальніка ў найкарацейшыя тэрміны на працягу бягучага аперацыйнага дня банка.