Нацыянальны банк — цэнтральны банк і дзяржаўны орган Рэспублікі Беларусь
|
Паштовы адрас:пр-т Незалежнасці, 20, 220008, г.Мінск, Рэспубліка Беларусь Час працы:Панядзелак – чацвер 8:30 – 17:30 |
Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь (далей – Нацыянальны банк) з'яўляецца цэнтральным банкам і дзяржаўным органам Рэспублікі Беларусь, дзейнічае выключна ў інтарэсах Рэспублікі Беларусь.
Нацыянальны банк ажыццяўляе сваю дзейнасць у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь
, Банкаўскім кодэксам Рэспублікі Беларусь
, законамі Рэспублікі Беларусь, нарматыўнымі прававымі актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Статутам
і незалежны ў сваёй дзейнасці.
Нацыянальны банк падсправаздачны Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.
Падсправаздачнасць Нацыянальнага банка Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь у тым ліку азначае:
- зацвярджэнне Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Статута Нацыянальнага банка
, змяненняў і (або) дапаўненняў, унесеных у яго; - вызначэнне Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь са згоды Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Старшыні і членаў Праўлення Нацыянальнага банка, вызваленне іх ад пасады з апавяшчэннем Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
- прызначэнне Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь аўдытарскай арганізацыі для правядзення аўдыту дзейнасці Нацыянальнага банка;
- зацвярджэнне Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь гадавой справаздачы Нацыянальнага банка.
Асноўнымі мэтамі дзейнасці Нацыянальнага банка з'яўляюцца:
- абарона і забеспячэнне ўстойлівасці беларускага рубля, у тым ліку яго пакупной здольнасці і курсу ў адносінах да замежных валют;
- забеспячэнне стабільнасці банкаўскай сістэмы Рэспублікі Беларусь;
- забеспячэнне эфектыўнага, надзейнага і бяспечнага функцыянавання плацежнай сістэмы.
Атрыманне прыбытку не з'яўляецца асноўнай мэтай дзейнасці Нацыянальнага банка.
Статус Нацыянальнага банка
Нацыянальны банк з'яўляецца юрыдычнай асобай, мае пячатку з выявай Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і надпісам "Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь". Яго поўнае найменне:
- на рускай мове – Национальный банк Республики Беларусь;
- на беларускай мове – Нацыянальны банк Рэспублiкi Беларусь;
- на англійскай мове – National Bank of the Republic of Belarus.
Нацыянальны банк складаецца з цэнтральнага апарату і структурных падраздзяленняў.
Месца знаходжання цэнтральнага апарату Нацыянальнага банка:
праспект Незалежнасці, 20,
220008, Мінск,
Рэспубліка Беларусь.
Функцыі Нацыянальнага банка
Нацыянальны банк выконвае наступныя функцыі:
- распрацоўвае Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь і сумесна з Урадам Рэспублікі Беларусь забяспечвае правядзенне адзінай грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у парадку, устаноўленым Банкаўскім кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь;
- ажыццяўляе аперацыі, неабходныя для выканання асноўных мэт дзейнасці Нацыянальнага банка;
- з'яўляецца для банкаў крэдыторам апошняй інстанцыі, ажыццяўляючы іх рэфінансаванне;
- ажыццяўляе эмісію грошай;
- ажыццяўляе выпуск (эмісію) каштоўных папер Нацыянальнага банка;
- фарміруе залаты запас Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў і каштоўных камянёў Рэспублікі Беларусь і ажыццяўляе аператыўнае кіраванне ім у межах сваёй кампетэнцыі;
- стварае золатавалютныя рэзервы па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і кіруе імі ў межах сваёй кампетэнцыі;
- ажыццяўляе валютнае рэгуляванне і валютны кантроль у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;
- рэгулюе крэдытныя адносіны;
- рэгулюе і арганізоўвае грашовае абарачэнне;
- выконвае функцыі фінансавага агента Урада Рэспублікі Беларусь і мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па пытаннях выканання рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў;
- устанаўлівае правілы і парадак ажыццяўлення банкаўскіх аперацый;
- дае згоду на ажыццяўленне банкамі і нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі аперацый з каштоўнымі паперамі ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;
- узгадняе выпускі каштоўных папер банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;
- арганізоўвае дзейнасць банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый па выдачы і абарачэнні вэксаляў, калі іншае не вызначана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь;
- ажыццяўляе дэпазітарную дзейнасць у парадку, вызначаным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;
- устанаўлівае для банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый патрабаванні па ажыццяўленні імі аперацый з форварднымі і ф'ючарснымі кантрактамі, апцыёнамі і іншымі фінансавымі інструментамі;
- рэгулюе адносіны, якія ўзнікаюць пры аб'яднанні грашовых сродкаў і (або) каштоўных папер у фонд банкаўскага кіравання на падставе дагавораў давернага кіравання фондам банкаўскага кіравання, калі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь;
- вызначае парадак правядзення ў Рэспубліцы Беларусь разлікаў у безнаяўнай і наяўнай формах, у тым ліку памер, разлікаў наяўнымі грашовымі сродкамі у беларускіх рублях паміж юрыдычнымі асобамі, іх адасобленымі падраздзяленнямі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі;
- арганізоўвае інкасацыю і перавозку наяўных грашовых сродкаў, плацежных інструкцый, каштоўных металаў і каштоўных камянёў і іншых каштоўнасцей;
- ажыццяўляе разліковае і (або) касавае абслугоўванне Урада Рэспублікі Беларусь, арганізацый, пералік якіх вызначаны ў Статуце Нацыянальнага банка, і іншых арганізацый у выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь;
- устанаўлівае парадак адкрыцця рахункаў у каштоўных металах і ўмовы іх вядзення ў банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама ўмовы адкрыцця рэзідэнтамі такіх рахункаў у банках і іншых крэдытных арганізацыях за яе межамі. Для мэт Банкаўскага кодэкса тэрмін "рэзідэнт" мае значэнне, якое вызначана пунктам 7 артыкула 1 Закона Рэспублікі Беларусь ад 22 ліпеня 2003 года "Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., № 85, 2/978);
- устанаўлівае сумесна з упаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі парадак увозу ў Рэспубліку Беларусь і вывазу за яе межы каштоўных металаў і каштоўных камянёў пры ажыццяўленні банкаўскіх аперацый;
- устанаўлівае цэны куплі-продажу каштоўных металаў і каштоўных камянёў пры ажыццяўленні банкаўскіх аперацый;
- рэгулюе дзейнасць банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый;
- ажыццяўляе банкаўскі нагляд;
- устанаўлівае ў адпаведнасці з Банкаўскім кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь прадак дзяржаўнай рэгістрацыі банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый і ажыццяўляе іх дзяржаўную рэгістрацыю;
- ажыццяўляе ліцэнзаванне банкаўскай дзейнасці;
- ажыццяўляе маніторынг фінансавай стабільнасці;
- арганізоўвае функцыянаванне плацежнай сістэмы Рэспублікі Беларусь і ажыццяўляе нагляд за ёй;
- ажыццяўляе фарміраванне і развіццё адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы, забяспечвае функцыянаванне аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы;
- забяспечвае правядзенне адзінай дзяржаўнай палітыкі ў галіне бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці для Нацыянальнага банка, банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый;
- ажыццяўляе метадалагічнае кіраўніцтва бухгалтарскім улікам і справаздачнасцю Нацыянальнага банка, банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый, іншыя паўнамоцтвы ў галіне бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь;
- распрацоўвае і зацвярджае нацыянальныя стандарты бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці і іншыя нарматыўныя прававыя акты па бухгалтарскім уліку і справаздачнасці, абавязковыя для выканання Нацыянальным банкам, банкамі і нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі;
- устанаўлівае для банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый парадак складання статыстычнай справаздачнасці па формах і ў тэрміны, вызначаныя заканадаўствам рэспублікі Беларусь;
- фарміруе статыстыку плацежнага балансу, міжнароднай інвістыцыйнай пазіцыі і знешняга доўгу банкаўскай сістэмы, банкаўскую статыстыку, статыстыку фінансавага рынку, у тым ліку ўнутранага валютнага рынку і наяўнага грашовага абарачэння, а таксама статыстыку фінансавай устойлівасці і размяшчае статыстычныя звесткі на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт;
- праводзіць аналіз плацежнага балансу, прымае ўдзел у распрацоўцы органамі дзяржаўнага кіраваня прагнозу плацежнага балансу;
- праводзіць аналіз і прагназаванне тэндэнцый у грашова-крэдытнай сферы і размяшчае апаведныя аналітычныя матэрыялы на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт;
- ажыццяўляе маніторынг арганізацый, заснаваны на правядзенні рэгулярных апытанняў, для выяўлення тэндэнцый эканамічных працэсаў, іх аналізу і прагнозу ва ўзаемадзеянні з інструментамі грашова-крэдытнай палітыкі;
- рэалізоўвае дзяржаўную палітыку ў сферы ахоўнай дзейнасці банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый;
- устанаўлівае для банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый абавязковыя патрабаванні да бяспечнага функцыянавання аб'ектаў і бяспекі аказання банкаўскіх паслуг, абароны інфармацыйных рэсурсаў і інфармацыі, распаўсюджванне і (або) прадастаўленне якіх абмежавана, калі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь;
- устанаўлівае патрабавані да тэхнічных магчымасцяў банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый, іх філіялаў, стуктурных падраздзяленняў і аддаленых працоўных мест для правядзення банкаўскіх аперацый, ажыццяўляе тэхнічнае нарміраванне і стандартызацыю ў галіне банкаўскай дзейнасці;
- ажыццяўляе кантроль за забеспячэннем бяспекі і абароны інфармацыйных рэсурсаў у банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях;
- устанаўлівае патрабаванні да ўзнаўлення выяў банкнотаў і манет;
- фарміруе крэдытныя гісторыі на падставе прадстаўленых крыніцамі фарміравання крэдытных гісторый звестак пра крэдытныя пагадненні і прадастаўляе крэдытныя справаздачы карыстальнікам крэдытных гісторый і суб'ектам крэдытных гісторый;
- заключае пагадненні з цэнтральнымі (нацыянальнымі) банкамі і крэдытнымі арганізацыямі замежных дзяржаў;
- выконвае іншыя функцыі, прадугледжаныя Банкаўскім кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь
Нацыянальны банк арганізоўвае сваю дзейнасць зыходзячы з Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь, якія штогод зацвярджаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Нацыянальны банк сумесна з Урадам Рэспублікі Беларусь штогод да 1 кастрычніка прадстаўляе Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на чарговы год.
Нацыянальны банк штоквартальна інфарміруе:
- Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Урад Рэспублікі Беларусь пра аб'ём эмісіі грошай і пра выкананне Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь;
- Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пра памеры золатавалютных рэзерваў, якія ствараюцца ў адпаведнасці з мэтамі і задачамі, вызначанымі ў Асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь.
Праўленне Нацыянальнага банка
Органам кіравання Нацыянальнага банка з'яўляецца Праўленне Нацыянальнага банка – калегіяльны орган, які вызначае асноўныя напрамкі дзейнасці Нацыянальнага банка і ажыццяўляе кіраўніцтва і кіраванне ім.
Колькасць членаў Праўлення Нацыянальнага банка ўстанаўліваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Кампетэнцыя Праўлення Нацыянальнага банка і парадак склікання яго пасяджэнняў вызначаюцца Статутам Нацыянальнага банка.
Члены Праўлення Нацыянальнага банка не могуць займаць іншыя дзяржаўныя пасады, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, а таксама знаходзіцца ў палітычных партыях.
На членаў Праўлення Нацыянальнага банка распаўсюджваюцца абмежаванні, вызначаныя часткай трэцяй артыкула 68 Банкаўскага кодэкса.
